Старонка:У капцюрох ГПУ.pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ей асобы, бо ў „пересыльнай“ камеры, дзе людзі сядзелі толькі часова і адсылаліся далей, ня было звычаю галіць вязьняў.

Ад гэтага мамэнту падзеі наступалі адна за аднэй з надзвычайнай хуткасьцяй. Праз поў гадзіны пасьля галеньня павялі мяне ў лазьню, дзе далі новую бялізну замест старое, не зьмянянае ўжо шэсьць тыдняў. Ледзь пасьпеў я вярнуцца ў камеру, дзе пачаў апавядаць таварышом аб маіх дзіўных прыгодах, як расчыніліся дзьверы, і мяне выклікалі з рэчамі на калідор. Стуль павялі ў другое крыло вастрогу і пасадзілі ў адзіночнай камеры, дле далі добрую міску кашы, чайнік з гарбатай, дзесяць папярос, чыстую пасьцель, падушку.

За гэтулькі гадоў першы раз раскашаваўся я адзіноцтвам. Закурыўшы папяроску, пачаў разважаць аб маім новым палажэньні. Адно з двух: або мая справа — вельмі благая, або — вельмі добрая. Або абходзяцца тут са мной гэтак, як з „важным“ праступнікам, або...

Гэтае другое дапушчэньне не хацела зьмясьціцца ў маей галаве. Пасьля гэтулькіх расчараваньняў не хацелася мець новага.

Але на разважаньні я меў мала часу. Дзьверы расчыніліся, і мяне павялі на ніжні калідор, дзе чакаў на мяне нейкі агент ГПУ.

— Ці ня маеце лепшае вопраткі? — ветліва запытаўся ён у мяне, паглядзеўшы на мае лахманы.

Я адказаў, што ня маю.