Старонка:У капцюрох ГПУ.pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мусіў адказаць, называючы сваё і бацькава імя. Пасьля хутка складаў свае манаткі і ўжо быў гатоў у дарогу у страшное заўтра, якое чакала на яго недзе ў няведамых краінах. Толькі вывеўшы з камеры і сабраўшы ўсіх разам абвяшчалі ім, у які лягер яны паедуць.

Пасьля гэткага працярэбленьня нашае камеры, яна ў працягу тыдня ізноў запаўнялася. Бадай кожны дзень пушчалі сюды ўсё новых і новых вязьняў. Ведама, кожнага новага таварыша акружалі і распытываліся: хто ён, скуль, за што? Заспакоіўшы сваю цікавасьць, яго пакідалі ў супакоі і ўжо больш ня цікавіліся ягонай асобай.

Спозьненыя жалі.

Неаднойчы, ляжучы ўвечары на нарах, гутарыў я з маімі суседзямі. У гэтай усьцяж пераліваўшайся хвалі вязьняў сустрэў двух зямлякоў, родам з Вільні, работнікаў з шклянае гуты, былых грамадаўцаў. Ачараваныя міражам „соцыялістычнага будаўніцтва“, яны перайшлі граніцу, перакананыя, што знойдуць тут сваю другую „работніцкую бацькаўшчыну“, а знайшлі вастрог, пасьля чакае іх канцэнтрацыйны лягер і ўрэшце — ссылка некуды на работы на далёкай поўначы, што ня лепш за жыцьцё ў лягеры. Цяпер вочы ў іх расчыніліся, яны шкадавалі свайго кроку, клялі агітатараў, тужліва ўспаміналі родную Вільню. Ня раз гутарыў я з работнікам з Лодзі, былым камуністам, які прыехаў у СССР гэтак сама неле-