Старонка:У капцюрох ГПУ.pdf/138

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лахманох вязень слухае гэтых гукаў і лятуціць аб сытым жыцьці, жыцьці ў чыстасьці, — не аб канфорце, але аб найбольш элемантарных абставінах запраўды людзкага жыцьця. Усё гэта — такое далёкае, недасяжнае... Наплываюць наіўныя думкі аб чыстым каўнерыку, аб эўрапэйскай вопратцы, аб шыкарных жанчынах, аб залітай сьвятлом салі, аб красках... Наплываюць думкі аб усім, што чалавек утраціў назаўсёды. Гэта-ж — ня сон! Там, недзе далёка, за колькі тысяч кілямэтраў, людзі жывуць інакш... Там, недзе, у „капіталістычных“ краінах людзі не паміраюць ад голаду, незнаёмыя з ГПУ...

Гэткім шляхам імкнуцца думкі вязьня пад гукі фокстроту, пачутага праз радыё з эўрапэйскае кавярні...

Стаіць вязень, абапершыся аб сьцяну, і слухае. Закруцілася сьляза ў воку. Добра, што ніхто ня бачыць: таварышы сьпяць. Ён лятуціць... А клапы пачулі пажыву... шыбка паўзуць па сьцяне да прытуліўшагася да яе лятуценьніка... Лезуць за каўнер і — варочаюць яго да запраўднасьці...

Трэба бараніцца ад клапоў... Дый спаць ужо пара. Дай Бог, каб сон быў без кашмараў! Заўтра рана трэба падыймацца на работу...

А стуль — здалёк, праз тысячы кілямэтраў, радыёвыя хвалі нясуць гукі музыкі, калышуць да сну...

У ізалятары.

13-га ліпня 1933 году, калі я ў сваіх казармах еў атрыманую на абед поліўку з „тарані“,