Старонка:У капцюрох ГПУ.pdf/135

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

КЕМЬ.

На Вэгеракшы.

Раз — у асеньні вечар, калі я ўжо рыхтаваўся легчы спаць, — у маю камеру шпарка ўвайшоў камандант:

— Зьбірай свае манаткі! Хутчэй!

Я аслупеў. Куды?

Мяне павялі на прыстань. Пасадзілі на параход. Павезьлі — на зямлю.

Пасьля шасьцігадовага пабыту ў вастрозе мяне ўжо ня лічылі небясьпечным вязьнем, які захацеў-бы ўцячы, дык прызналі магчымым перавезьці на зямлю. З вострава ўцячы немагчыма, а на зямлі бывалі здарэньні ўдачных уцёкаў.

Прывезьлі мяне ў Кемь, малое мястэчка — за 10 кілямэтраў ад узьбярэжжа Белага мора. За мястэчкам стаяць драўляныя баракі, абведзеныя калючым дротам. Тут жывуць вязьні. Гэтае выклятае месца мае назоў „Вэгеракша“, што ў карэльскай мове значыць: шлях ведзьмаў.

Частка прадпрыемстваў, у якіх працуюць вязьні, стаіць тут-жа, ў драцяной агарожы. Тутака ёсьць: электроўня, друкарня, гарбарня, фабрыка цацак; за агарожай ёсьць: сталярня, швальня і канцылярыі, якія абслугоўваюць салавецкія лягеры.

Вязьні, што працуюць за драцяной агарожай, дастаюць пропускі на права хадзіць да мястэчка.