Старонка:У капцюрох ГПУ.pdf/131

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Цяпер адносіны — зусім іншыя. Цяпер „шпана“ ў канцэтрацыйных лягерах разглядаецца, як сумная „спадчына старога капіталістычнага ладу“. Савецкая палітыка цяпер імкнецца да таго, каб зладзеяў узгадоўваць і перарабляць на прававерных савецкіх грамадзян. Ці гэта ўдаецца — гэта іншая справа. Цяпер зладзеі і бандыты займаюць у канцэнтрацыйных лягерах упрывілеяванае становішча, а калі ўмеюць пісаць, дык іх назначаюць за камандантаў рот, за кіраўнікоў гаспадаркі. Да палітычных-жа вязьняў, ці гэтак-званых „каэраў“, адносяцца недаверчыва і стаўляюць іх на апошнім месцы. Цяпер гэткі паход голае зладзейскае банды ў сьнежні быў-бы немагчымы, з „каэрамі“-ж гэта не магло-б здарыцца дзеля таго, што тыя сваіх вопратак у карты не праігрываюць.

Спасярод прывезеных з вострава Анзэра галышоў некалькі ў тую-ж ноч памерла ў тэатральным фойе. Рэшта — яшчэ жывая, але ў безнадзейным стане, — была назаўтрае адаслана ў бальніцу.

Крадзежы.

Адначасна з пераменай курсу лягернае палітыкі ў кірунку ўпрывілеяваньня крымінальнага элемэнту пачала непамерна разрастацца лічба крадзежаў. Праўда, і раней выпадкі крадзежаў у лагеры здараліся даволі часта, але цяпер дык пачалася запраўдная пошасьць. Выходзячы на работу, мы зачынялі камеры на ключ; на калідоры дыжу-