Старонка:У капцюрох ГПУ.pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

з вострава Анзэра на Салоўкі, а пасьля ад прыстані „Пэрт“ ішлі пехатой 8 кілямэтраў да Крэмля, дзе ў мурох былага манастыра знаходзіцца наш тэатр.

Прызнаюся, што зьявішча гэтае было для мяне гэтак неспадзяванае, гэтулькі страшнейшее за ўсе жахі, бачыць якія я быў прыгатаваны, што я ня мог нават абурацца. Я стаяў аслупянеўшы, гледзючы на гэту дзіўную працэсію, заінсцэнізаваную хіба самім чартом у мамэнт зласьлівага настрою...

Хутка гэтае нязвычайнае здарэньне было выясьнена.

Партыя складалася пераважна з „шпаны“, значыць — дробных зладзеяў. Калі іх пасадзілі на востраве Анзэры і далі казённую вопратку, яны лёгкамысна папраігрывалі ў карты свае ўласныя вопраткі, відаць, не спадзяючыся, каб маглі ім яшчэ прыпатрэбіцца. Вось-жа, як прыйшоў загад прыслаць партыю на Салоўкі, адміністрацыя Анзэра, якая пры адсылцы вязьняў у іншую філію мусіла здымаць дадзеныя вязьням казённыя рэчы, каб у кожны мамэнт паказаць давераную ёй казённую маемасьць, — загадала ім распрануцца і... пусьціла ў дарогу галышом.

Трэба адзначыць, што цяпер падобны факт ня мог бы стацца. Гэта дзеялася ў тым часе, калі „шпана“ была ў пагардзе, калі яе пасылалі на найцяжэйшыя работы, білі, усяляк зьдзекаваліся над ёй і наагул стараліся вынішчыць яе.