Старонка:У капцюрох ГПУ.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І гэтак далей.

Перад сваім выездам я ўсяму гэтаму верыў. Тыя, хто адносіўся крытычна да майго энтузіязму, ня здолелі пераканаць мяне. Я ехаў поўны веры ў гэтае іншае, лепшае жыцьцё, не спадзяючыся, што мае ілюзыі так хутка разьвеюцца.

Прыехаўшы ў Савецкую Беларусь я папаў на рад урачыстасьцяў: навуковы зьезд, арганізаваны Інбелкультам у Менску, адкрыцьце ў Віцебску другога дзяржаўнага тэатру… Гэта былі часы Нэп’а, калі быў прыватны гандаль, значыцца ня было голаду, ня было колхозаў і вёска давала гораду спажывецкіх прадуктаў даволі. Адным словам на першы пагляд жыцьцё мела характар нармальны.

І калі за два тыдні да майго арышту мяне паклікалі ў ГПУ на дапрос, які па свайму тону можна-б назваць прыяцельскай гутаркай і які ня збудзіў ува мне ніякіх падазрэньняў, калі пасьля запрапанавалі мне, каб я стараўся атрымаць права савецкага грамадзянства, я адказаў радасна:

— Калі толькі магчыма, з найвялікшай ахвотай. Дык-жаж я дзеля гэтага і прыехаў сюды, каб тут жыць, працаваць…

— Дык чаго-ж больш! Пішэце, таварыш, паперку. У нас гэта хутка. Зараз пазвонім па тэлефону, каб вам не рабілі ніякіх перашкод…

Запраўды, праз дзесяць дзён (але!) я ўжо быў савецкім грамадзянінам, а, атрымаўшы грамадзянства, на чацьвёрты дзень быў… арыштаваны.