Старонка:У капцюрох ГПУ.pdf/119

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прасьвідраванай у драўлянай сьцяне, і з вялікім зацікаўленьнем прыглядаўся да сядзеўшага ў першым радзе лавак — разам з сваім акружэньнем — п. Максіма Горкага. Побач з ім сядзела нейкая маладая жанчына ў мужчынскай вопратцы з цёмнае скуры; далей — агенты ГПУ у даўгіх да пятаў шынелях. Жанчынай была, як мне пасьля сказалі, дачка пісьменьніка.

Цікавасьць мая мела падвойную прычыну. Горкага датуль я ніколі ня бачыў. Яшчэ ня зыйшоўшы з школьнае лаўкі, я разам з маімі калегамі зачытываўся творамі маладога тады пісьменьніка, які першы ўвёў у расейскую літаратуру тып „басяка“ — расейскага люмпэнпралетара. Апрача гэтага п. Пешков (праўдзівае прозьвішча Горкага) — ужо не як пісьменьнік, але як чалавек, — меў у нашых вачох асаблівы чар з прычыны сваіх вызваленчых паглядаў, частых канфліктаў з уладамі, нязвычайнае, поўнае ўсялякіх прыгод, бурлівае моладасьці. Сягоньня гэты чалавек сядзеў вось тутака, непадалёк ад мяне, — снапы сьвятла з верхняе рампы падалі на салю і добра асьвятлялі гэты старэчы цяпер твар з абвісшымі вусамі. А ў той-жа салі, навакол яго, былі сабраны людзі, для якіх гэтак сама дарагія вызваленчыя ідэалы, якія, як і ён, змагаліся некалі з маскоўскім самаўладзтвам... Гэтыя пастаці ў шэрых, прасякшых ад частае дэзынфэкцыі пахам фармаліну „бушлатах“ — тыя-ж людзі, што калісьці гэтак са-