Старонка:У капцюрох ГПУ.pdf/117

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Прадстаўленьні адбываліся чатыры разы на тыдзень: першыя два — платныя, другія два — бясплатныя. Білеты на бясплатныя раздавалі каманданты ротаў або ўзгадаваўцы. Трэба адзначыць, што платныя прадстаўленьні карысталіся большым пасьпехам, чым бясплатныя, а гэта затым, што той, хто купляў білет на платнае, меў права адначасна купіць другі — для знаёмае жанчыны і сядзець падчас спэктаклю побач з ёю. Гэта была адзіная аказія дзеля легальнага спатканьня з жанчынай. На бясплатных-жа спэктаклях жанок і мужчын рассаджвалі асобна: адным вызначалі правы бок, другім — левы.

Салавецкі тэатр быў закладзены у 1926-27 гадох адным із сасланых актораў. Спачатку ані актораў, ані іншых працаўнікоў тэатру не звальнялі ад цяжкое катаржанае работы. Увечары, пасьля выкананьня „уроку“, вязьні-акторы зьбіраліся ў вызначаным ім дзеля гэтага памяшчэньні і тутака рабілі рэпэтыцыі да познае ночы. Захапленьне гэтай працай было вялізарнае. Цяжкое жыцьцё чалавека, замкнёнага у вастрожных мурох, і ў мастацкай працы ён ахвотна шукае прадухі ад кашмараў рэальнага жыцьця... Саматугам — з нейкіх старых мяхоў пашылі касьцюмы. Гэтак сама зрабілі дэкарацыі. Спэктакль удаўся. Думка наладзіць сталы тэатр спадабалася ўладам. Сабралі ўсіх актораў, звольнілі іх ад большае часткі прымусовых работ. Неўзабаве наладзіўся ар-