Старонка:У капцюрох ГПУ.pdf/116

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ясна, што тэатр прадстаўляе найбольш дзеючы спосаб агітацыі. Кожны савецкі фільм, кожная тэатральная п’еса мусіць быць перад усім беззаганнай з ідэолёгічнага гледзішча. Вузкія рамкі бальшавіцкае ідэолёгіі — ясна — адбіваюцца і на тэмах гэтых п’есаў. Тэмамі бываюць найчасьцей: кастрычнікавая рэвалюцыя, хатняя вайна 1917—1919 гадоў, далей — здабычы соцыялістычнага будаўніцтва, далей — шкодніцтва, якое перашкаджае ў гэтых дасягненьнях, урэшце — калектыўная гаспадарка на вёсцы і г. д. І усё гэта паўтараецца без канца.

Дык публіка з пачуцьцём палёгкі ўздыхае, калі пабачыць па афішах п’есу з клясычнага рэпэртуару: гэтак усім надакучылі творы „ідэолёгічна вытрыманыя“.

Так было і у нас на Салоўках.

Салоўкі маюць, як на вастрожныя адносіны, зусім не благі тэатр, у якім можа зьмясьціцца больш за 500 душ, з вялікай сцэнай і неабходнай для спэктакляў электрычнай інсталяцыяй. Тэатр зроблены з былай манастырскай „трапезнай“ (сталовай салі) і сумежных памяшчэньняў.

Сярод вязьняў есьць прадстаўнікі ўсіх галінаў сцэнічнага і эстраднага мастацтва: акторы, музыкі, сьпявакі, танцоркі, акрабаты, штукары; есьць гэтак сама маляры-дэкаратары, электратэхнікі, рэквізытары, тэатральныя машыністы — адным словам, увесь артыстычна-тэхнічны пэрсанал, неабходны дзеля тэатру.