Старонка:У капцюрох ГПУ.pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мудрасьць „политграмоты“, клясавая прыналежнасьць каторых дае паруку, што будуць сумленна выпаўняць свае абавязкі. Гэтыя „ўзгадаваўцы“ глядзяць перад усім за тым, каб іхнія гадунцы былі палітычна лёяльныя, і адначасна выпаўняюць ролю шпігоў у адносінах да сваіх таварышоў.

„Сценгазэта“ займаецца даносамі на пісьме (ананімна). Яе пішуць рукой і налепліваюць пэрыадычна на сьценах. Пішуць тутака аб вастрожным жыцьці, кляймяць нядбалых у працы і нарушаючых вастрожныя правілы, заахвочываюць да „ударніцтва“ (працы вышэй нормы), падаюць прозьвішчы тых, хто наагул нечым правініўся. Гэтая форма данасіцельства дае шырокае поле да асабістых разрахункаў паміж вязьнямі.

„Красные уголки“ — гэта як-быццам каплічкі бальшавіцкія. Для іх вызначаюць найлепшыя памяшчэньні ў вастрозе. У куце пастаўлены гіпсавы бюст Леніна на прыбраным чырванью фоне, а калі няма бюсту, дык вешаюць партрэт Леніна. На сьценах — надпісы: „лозунгі“ (клічы). Пасярэдзіне стаіць стол, прыкрыты чырвоным рызманом, а на ім параскіданы савецкія часопісы, якія выпісваюцца прымусова на кошт вязьняў.

Тэатр.

Мае нарысы былі-б тэндэнцыйнымі, калі-б я ня ўспомніў аб даступных салавецкім вязьням культурных забавах. У першы чарод мушу сказаць аб тэатры.