Старонка:У капцюрох ГПУ.pdf/112

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

брацтва і навязвае сардэчныя адносіны паміж людзьмі аднае ідэі, аднае працы, аднае долі, — і яно будзіць сяньня ў кожнага, хто не заражаны камунізмам, прыкрае пачуцьцё агіды: так гэтае пекнае слова апаганена, збэшчана ў вуснах бальшавікоў.

У 1928 годзе набажэнствы былі забаронены. Мала таго: усіх каталіцкіх ксяндзоў і праваслаўных сьвяшчэнікаў перавялі ў 14 карную роту. I гэтага мала: у іх зрабілі вобыск і адабралі маліцьвенікі, сьвятыя абразкі, крыжы. Раней папоў і ксяндзоў назначалі на лягчэйшыя работы: за старажоў, кіраўнікоў вастрожнае гаспадаркі, — наагул на такія становішчы, дзе патрэбны былі людзі сумленныя, якім сьмела можна было даверыць лягерную маемасць. Цяпер, сканцэтраваўшы іх у карнай роце, іх выслалі на востраў Анзэр, дзе пасадзілі ў філіі „Галгофа“. Назоў добра адпавядаў іхняй долі. Анзэрская „Галгофа" была для іх запраўднай галгофай. Тутака прымушалі іх працаваць не па сілам, адначасна зьмяншаючы „паёк“. Тут зьдзекаваліся над імі і наругаліся на ўсе лады.

Толькі ў 1932 годзе „Галгофа“ была зьліквідавана, і ксяндзоў ды папоў парасьцярушывалі па іншых філіях.

∗     ∗

На Салоўках сярод палітычных вязьняў, гэтак-званых контр-рэвалюцыянераў, ёсьць надта вялікі процант людзей веруючых.