Старонка:У капцюрох ГПУ.pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ху з просьбам аб палёгку ў цяжкай долі. У іншым месцы з грудзей нейкага украінскага селяніна вырываецца маленьне: „Господы, помылуй!..“

Чытаньне прыказу.

Нядзелі скасаваны. Дзён не памятаем. Жывем толькі паводле датаў. Нашае сьвята — „дзень адпачынку“. Але яго назвалі гэтак ня зусім правільна, бо прынамся палова гэтага дня пасьвячона „сан-абработцы“ — санітарным справам. Выносім на падворак нашу маемасьць, праветрываем пасьцелі, мыем нары і падлогі.

Заўтра — гэткі „дзень адпачынку“.

„Сан-абработка“ не вымагае раньняга ўставаньня. Дык думалі, што высьпімся як мае быць.

Неўспадзеўкі — у 5 гадзін раніцы — пачаліся па ўсіх ротах званкі: гэта днявальныя будзілі вязьняў.

— Уставаць! уставаць! Хутчзй! Жыва! Сьпяшайцеся!..

Зьявіўся камандант роты і, прыаздобліваючы сваю гутарку лаянкай, падганяў вязьняў:

— Што?! Прасіць вас буду? Выхадзі на паверку!.. Раз-два!..

На паверку?.. Дзеля чаго і чаму гэтак рана? То-ж сяньня — дзень адпачынку. Але пратэставаць у нас моды ня было, і праз некалькі хвілін заспаныя пастаці ў шэрых „бушлатах“ выходзілі з будынку на панадворак.

На плошчы перад б. праабражэнскай цар-