Старонка:Уяўленьне (1923).pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

V.

Мячы маланак пелі
І навальніцы йшлі,
І гром вясьняны хмелем
Паіў абшар зямлі.

А вечарамі ў неба
Хтосьць пеўня выпускаў
І аб штодзённым хлебе
Там праўды ён шукаў.

І да глухой паўночы
Вылізваў цемнату.
Сачылі з верай вочы
Пажараў яснату.

Ды „Пяты“ коўдрай чорнай
Прыкрыла ноч сама,
Каб зноў былі пакорны,
Каб зноў… Але дарма!

Дзірван узрылі буры
Шматкамі жорсткіх слоў: —
Чакаюць вёскі — Юры
З вясной затрубіць зоў.