Старонка:Уступамі да Акцябра.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пяцідзесятых чалавек, выключна рабочых з Выбарскае стараны. Кожны з запісаных настайваў хутчэй склікаць організацыйны сход Грамады і апрацаваць плян далейшай працы.

Але гэта на нейкі час адцягнулася. Якраз па 25 сакавіка ў Менску, па пачыну менскіх беларусаў, быў назначаны зьезд «беларускіх грамадзян­скіх дзеячоў». Зьезд мусіў падлічыць беларускія сілы, наладзіць грамадзян­скую думку і ад яе заявіць патрабаваньні Часоваму ўраду наконт правоў беларускага народу. Прадстаўнікамі ад пецярбурскіх беларусаў паехалі на зьезд выключна сябры Б. С. Г. Зьезд быў на часе, бо трэ' было разам «рабіць і нараду Б. С. Г. Дзеля гэтай мэты маскоўская організацыя Гра­мады ад сябе запрасіла пецярбурскую выслаць людзей на зьезд абавязко­ва. На вьезд сабралося да дзесяці сяброў з Грамады, якія мелі вялікі ўплыў па зьезьдзе.

Пасьля канчатку працы зьезду, які выбраў «Беларускі нацыянальны комітэт», сябры грамады зрабілі сваю партыйную нараду. Нарада падрабязгова абгаварыла пытаньні тактыкі й організацыі грамады, пастанавіўшы вясьці працу самастойна ад другіх беларускіх організацыяў. Пастановы нарады Б. С. Г. ўхвалена было апублікаваць у расійскай прэсе ў сталіцах. Гэтая нарада падлажыла аснову для далейшай організацыйнай працы, якая на другі-ж дзень пасьля парады пасьпешна распачалася кожнай організацыяй.

Як ня дзіўна, Пецярбургу суджана было стаць цэнтрам гэтае працы. Цэлы шэраг прычын дапамог гэтаму. Аднэй з гэтых прычын быў вялікі ўплыў беларускага руху на тыя шырокія гушчы беларускіх рабочых, якія запаўнялі пецярбурскія фабрыкі і заводы, і сталічныя ўмовы, больш цярп­лівыя да беларускага руху. Той жупел і страх, што маляваўся русыфіка­тарскай эсэраўшчыне з усіх бакоў, вынікаў і ад разьвіцьця беларускага руху, вырастаючы ў страшылішча ў провінцыяльным Менску[1], ня мелі месца ў Пецярбурзе. Як і наогул, беларускі рух у Петраградзе мог захапіць толькі працоўныя элемэнты. Малы лік інтэлігенцыі зрусыфікаванай пасу­нуўся ў агульную партыю эсэраў, спаланізаваная крыха інтэлігенцыі, да рэволюцыі нібы радыкальная й ваяўнічая, запужалася здані соцыялізму і распылілася. На Знаменскую 36, дзе заснавалася бюро Беларускай Сацы­ялістычнай Грамады, пацягнуліся беларускія рабочыя з-за Нараўскай і Неўскай застаў, з Выбарскае стараны, з Васілеўскага востраву ды салдаты.

Організацыйны сход Грамады, назначаны на 12 красавіка, сабраў звыш двухсот чалавек. Пераважна прышлі рабочыя з Пуцілаўскага заводу, салдаты і зусім лічаныя адзінкі інтэлігенцыі. Выбраная гэтым сходам управа, у ліку 11 чалавек, складалася, ва вылучэньнем трох сяброў, з рабочых і салдат. Далейшыя сходы, якія йшлі адзін за другім праз кожныя чатыры дні, напаўнялі лік сяброў Грамады, галоўным чынам рабочымі. Само сабою вядома, што тактыка ўправы пецярбурскай організацыі Б.С.Г. мусіла паступова ўхіляцца ўлева. Усе дэлегаваньні ў тыя ці іншыя рэволюцыйныя ўстановы падалі на сяброў грамады—рабочых. Гэтак прадстаўнікамі ў раённыя думы Петраграду былі пасланы ад Б. С. Г. выключна рабочыя: у Васілевавостраўскую—М. Здановіч з Балтыцкага заводу, у Выбарскую - П. Дзежка з Гэсьлераўскага, у Неўскую—О. Нядзьведзь з Нэўскага, у Гаванскую—В. Дышан і г. д. Пераважнасьць рабочых у Пецярбурскай

  1. Эсэры і родныя ім вобласьнікі толку Солоневіча ды Каранкевіча адпужалі рабо­чых і сялян ад беларускага руху Скірмунтам, які ў той час выпадкова прыліп да яго для самааховы.