Старонка:Уступамі да Акцябра.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У гэткіх умовах захапіла беларускіх культурнікаў неспадзявана выбух­нуўшая фэўральская рэволюцыя. Усе карты адразу перамяшаліся. Для ўсіх пакрыўджаных старым ладам, а ў тым ліку й для беларускіх дзеячоў, адчыніліся шырокія небасхілы. Усё ўчарашняе адляцела, паказалася занадта мізэрным, малым, пустым. Зразу вырасьлі пастойныя патрэбы організацыйнай чыннасьці. Размах рэволюцыі йшоў далёка ў бок дэмократычнасьці. Петра­градзкі Савет Рабочых дэпутатаў і яго вялікі аўторытэт, нават, перашагаўшы ў гэтых адносінах аўторытэт часовага ўраду, паказваў на тое, што рэволюцыя ня спыніцца на сваёй першай буржуазнай квадры, а ў сваім разь­віцьці сягне далёка ўлева. У кожным разе, у беларусаў узрасла надзея на атрыманьне, калі ня поўнай незалежнасьці, то ва ўсякім разе аўтономіі. А калі так, то трэба было расшавельвацца, зьбіраць сілы, гуртаваць іх і ад­начасова намячаць тыя асновы, на якіх можна было-бы ўзводзіць будынак сталай грунтоўнай працы. Дзеля гэтага, аднак, патрабавалася праграма, ды такая, якая магла бы зьяднаць найбольшы лік людзей на найбольшым ліку пунктаў. Аднаго нацыянальнага элемэнту стала зусім мала. Гэта паказала першая пашыраная нарада беларускіх дзеячоў зразу-ж пасьля рэволюцыі, у першых днёх марта 1917 г., якая адбылася ў будынку беларускага бежан­скага камітэту (Знаменская вуд., 36). На гэтай нарадзе, палічваўшай да 30 чалавек старых працаўнікоў, зразу выніклі гарачыя спрэчкі па пытаньні аб далейшай працы. Знайшлося некалькі зусім розных, нават, варожых адзін другому поглядаў. Большасьць праводзіла думку Беларускай Сацыялістычнай Грамады з марксіцкімі адценьнямі (Б. Тарашкевіч, К. Душэўскі, Э. Будзька, Х. Чарнушэвіч і інш.), клічучы ўсіх згуртавацца навакол яе, як самай ста­лай і апраўданай жыцьцём у мінулым. Але асноўныя моманты патрабавань­няў Б. С. Г. выклікалі рашучую опозыцыю з двух бакоў—з боку яе соцыялістычных элемэнтаў (інтэлігенцыя, служачыя) і з боку абаронцаў тут-жа ўпяршыню выяўленай вобласьнічаскай аглядкі. Выказаныя прыхільнікамі гэтай думкі асновы й довады павароту беларускага руху на шлях вобласьнічаства[1] урэшце былі адкінуты. Большасьць сабрала Б. С. Гр. Гэта нарада пака­зала, што нельга гуртаваць людзей на адным нацыянальна-культур­ным руху, што мацнейшым фактарам ёсьць фактар клясавы. Дзякуючы гэтаму кіраўніком і організатарам беларускіх нацыянальна-соцыялістычных элемэнтаў зрабілася Беларуская Сацыялістычная Грамада. Яна стала цэн­трам, куды пацякла паводка стыхійна ўзьнятага беларускага руху ў Пе­цярбурзе. Другое організацыі ня было пакуль, а таму на маяк Грамады пацягнуліся ўсе тыя, хто адчуваў сябе беларусам і меўся прыняць удзел у вызваленьні свайго краю. Дзесяткамі прыходзілі запісвацца ў Грамаду ся­бры розных соцыялістычных партыяў і непартыйныя.

Асабіста загастрылася цікавасьць да беларускага руху сярод беларусаў у Пецярбурзе пасьля мітынгу, які быў зроблены Белар. Сац. Грамадою ў сакавіку месяцы ў цырку «Модэрн» па Каменнаастроўскім проспэкце. Мітынг быў надзвычайна многалюдны: сабралася да двух тысячаў народу, галоўным чынам рабочых і салдат. Увесь вагромністы будынак цырку быў бітком набіты. Прамовы сяброў грамады, датыкаючыя пытаньня аб вызваленьні Беларусі і пабудаваньні яе асобнай рэспублікай, выклікалі агульную спа­гаду мітынгу. Целы шэраг прамоўцаў перабываў на эстрадзе. Мітынг прай­шоў цалкам пад лёзунгам Бел. С. Грамады.

Пасьля мітынгу тут-жа запісалася ў Сацыялістычную Грамаду да

  1. Тут прыводзіліся досыць знаёмыя, ужываныя с.-р. мотывы адзінства ў імя рэволюцыі, невыразнасьць беларускага пытаньня, як нацыянальнага, і інш.