Старонка:Уступамі да Акцябра.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І.

(Да гісторыі Савецкае Беларусі).

Фэўральская рэволюцыя ў Расіі застала беларускі рух у досыць нявыразным партыйным расслаеньні. Асобныя гурткі беларускіх дзеячоў з рабочых, пісьменьнікаў, студэнтаў, служачых і рэдкіх асоб з лібэральнай шля­хоцкай інтэлігэнцыі ў Петраградзе, Менску, Маскве і інш. гуртаваліся, пасьля заняцьця немцамі Вільні й разбурэньня ў ёй беларускага культурна-нацыянальнага асяродку, вакол адзінай думкі-праграмы — нацыянальнага вызваленьня Беларусі і пабудаваньня яе незалежнай. Праграма гэта ў сваю чаргу была цьмянай, неапрацаванай і грунтавалася фактычна на адных прагных жаданьнях гарачых галоў.[1] Акольваючая сытуацыя, у зьвязку з заняцьцем немцамі заходняй Беларусі і праз гэта з зацягам вайны на нявыясьнены тэрмін, уносіла розныя сумненьні й няпэўнасьць на больш-менш блізкае ажыцьцяўленьне хоць мінімальных мажлівасьцяў пашырэньня бела­рускага руху. Перамога над немцамі саюзьнікаў сузнавалася кожным бела­рускім адраджэнцам; яна хавала ў сабе пагрозу разгулаў агіднага расійска-самаўладнага нацыянал-шовінізму з усімі яго прыгожасьцямі. Вось кожная вестка аб няўдачах расійскага войска на фронтах прачышчала паветра й падагравала ружовыя надзеі на лепшае. У кожнага беларуса-культурніка[2]— усе роўна ці то быў рабочы, ці інтэлігэнт ці, нават, і ксёндз—пяшчотліва хавалася і яскрава сьвяцілася думка перамогі царскай арміі. Дзякуючы гэт­каму настрою, уся ўвага зьбіралася па подзеях вайны і ад павароту ваен­нага шчасьця тэй ці іншай стараны фармаваліся погляды сярод беларускіх адраджэнцаў. У кожным разе размах і сілы іх былі яшчэ настолькі слабы, што зусім не патрабавалася конкрэтызаваць сталай праграмы бліжэйшых патрабаваньняў. Праўда, мелася ўсе-ж старая праграма Беларускай Сацыялі­стычнай Грамады, але яна зусім не падыходзіла ні к часу, ні к месцу, ні к людзям, якія ў політычных і соцыяльных поглядах былі да цікавага разна­колерны. Пры гэтым, страшэннае зацішша ў рабочым і політычным руху казала ўпэўнена за безнадзейнасьць організацыі тых сілаў, якія-б маглі прыняць гэту праграму. Аставалася, на часе, толькі нацыянальная ідэя, якая будзіла варожасьць да пануючага ладу і гуртавала па падставе гэтай варо­жасьці ўсе беларускія адраджэнскія элемэнты.

  1. Некаторыя прыхільнікі праграмы Бел. Сац. Гр. паддаваліся агульнаму настрою.
  2. У гэтым артыкуле я, галоўным чынам, буду датыкацца тых беларускіх адраджэн­цаў, якія гуртаваліся ў Пецярбурзе, лічачы, што цэнтрам руху з пачатку чайны да 1918 году быў Пецярбург.