Старонка:Уступамі да Акцябра-2.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ніцтва, даючы рэволюцыйнаму руху найбольш сялянскі адбітак. Але супроціў загрузнасьці Бел. С. Грамады з боку народнікаў усталі беларускія рабочыя з фабрык і заводаў, якія ў многа разоў пераважвалі апошніх. З часам-жа, калі нацыянальная політыка эсэраў-меншавікоў усе больш і больш выказва­ла свае адмоўныя бакі, выклікаючы гострыя напады, наплыў народніцкіх элемэнтаў у Грамаду зьменшаўся. Да гэтага, створаная новая програма яе была цалкам прыстасована да марксісткай, і Бел. С. Грамада выраўнялася на партыі марксісцкай. Уперадзе йшлі Пецярбурскія райённыя і гарадзкая організацыя, за імі Бабруйская, Менская і г. д. І водлуг таго, як перадавыя арганізацыі Бел. С. Грамады адыходзілі ўлева, менш рашучыя, з неаджытым духам згодніцтва, у той-жа меры правелі, мяжуючы з рознымі наслой­камі і фармаваньнямі правых кірункаў, і адпадалі. Апошнія, як-бы ў сілу закону політычна-клясавай дыфэрэнцыяцыі беларускага руху, зьбіраліся ў адно і цягнулі да Менску, дзе абмацвалі глебу да грунтоўнага абсталя­ваньня.

Чым бліжай да акцябра, тым выразьней і адметней выдавалася расслаеньне беларускага нацыянальнага руху і ў яго цэласьці і папартыйна. Ужо ў верасьні месяцы 1917 г. выясьнілася, што ў Бел. С. Грамадзе фактычна істнуюць два напрамкі, левы й правы. Сымптомы іх зьявіліся бадай ня з першых дзён пасьля рэволюцыі. А ў канцы мая месяца, перад зьездам Грамады, гэтыя сымптомы выліліся ў адкрытыя непаразуменьні паміж яе Пе­цярбурскімі і Маскоўскай організацыямі на-конт месца і часу зьезду. Але першы пэрыяд, да жніўня месяца прыблізна, гэтыя шурпатасьці згладжваліся шырокай організацыйнай працай. Далей, вядома, нішто не магло скрыць вымаганьня закону разьвіцьця рэволюцыі, які вытыркаў напаверх усякія супярэчнасьці. У нутры Бел. С. Грамады яны, таксама, не маглі за­хоўвацца на далей, і што раз—то ўсё рабіліся прыметней. Аставалася тра­піцца выпадку, каб з гэтых супярэчнасьцяў вырасла высокая сьцяна, праз якую немажліва ўжо перакінуць тыя ці іншыя лыгаючыя ніткі. Гэты выпа­дак не заставіў сябе доўга чакаць.

15 акцябра 1917 году ў час скліканьня другое сэсыі Рады беларускіх організацыяў і партыяў адбыўся фактычны раскол Бел. С. Грамады надвое. Прычынай было здарэньне, якое разыгралася навакол пытаньня аб пасылцы дэлегатаў у Раду Народаў, абраную зьездам прыгнечанных народаў Расіі ў Кіеве. Пабываўшы на гэтым зьезьдзе, сябра Рады беларускіх організацыяў Л., калі дайшло пытаньне да выбараў дэлегатаў у Раду народаў, выказаўся так (прыблізна): „У Раду Народаў мы мусім паслаць ад сябе моцных вучоных лю­дзей. На зьезьдзе іншыя нарады былі прадстаўлены дужа моцнымі людзьмі. Мы не павінны ганяцца за партыйнасьцю, а мусім глядзець з погляду карысьці агульнанацыянальнай справе". Гэтыя словы былі ўводам да прапазыцыі дэле­гаваць у Раду Народаў... Р. Скірмунту. Ня гледзячы на тое, што Р. Скір­мунт быў адпіхнуты ўбок ліпнёўскім зьездам беларускіх організацыяў і пар­тыяў і да другой сэсыі Рады амаль ня ўмешваўся ў ніякія справы—да чаго было ўжо прывыкнуць— створаная атмосфэра сэсыі ня выказала ніякага протэсту супроць гэтага „дзеяча". Наадварот, досыць значная правая палова сяброў сэсыі, падмацаваная расплыўчатай тактыкай правых грамадаўцаў, ахвотна падхапіла імя Р. Скірмунта. У тумане абвостранай агульнасьці нацыянальных заданьняў забываліся імі іхнія-ж прамовы і пастановы на зьезьдзе Бел. Соц. Грамады, які адбываўся поруч з сэсыяй Рады (14-20 кастрычніка) і на якім ужо шмат трацілася сілы на ўрэгуляваньне супярэчак між правым і левым крыламі яе. Справа ўжо дайшла да абраньня. Але перад тым, як падаваць галасы, прадстаўнікі левага напрамку Бел. С. Грама-