Старонка:Уступамі да Акцябра-2.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ды запрапанавалі зрабіць нараду, каб на выбары пайсьці зьяднала і не дапусьціць абраць ні Р. Скірмунта, ні каго іншага з непажаданых ёй людзей. Аднак зрабіць нарады не ўдалося. У некаторых сяброў Грамады правага ўхілу адпала ўся рэволюцыйнасьць— агульнасьць справы затуманіла іх ушчэнт. Тронутыя „да глыбіні душы" пачуцьцем сэнтымэнтальнага патрыётызму, яны заліліся сьлёзамі „уміленьня" (Бадунова) і патапілі сваю клясавую абасобнасьць у частых і гучных овацыях розным дзеячом. Сваім-жа левым сябрам, каторыя дапомнілі аб заданьнях сацыялістых, намякнулі праз „шкодную абмылковасьць" падаграваць непатрэбную к часу супярэчнасьць інтарэсаў... Болей таго, былі зроблены нават і лічныя выпады супроціў адна­го з прадстаўнікоў Пецярбурскай організацыі Бел. С. Грамады.

Гэткая сытуацыя на сэсыі Рады сьведчыла аб тым, што далей нельга захоўваць штучнага адзінства ня толькі ва ўсім беларускім руху, а і ў Бел. С. Грамадзе ў асобку.

На вуліцы, за сьценамі будынку, дзе разыгрываўся гэты інцыдэнт, увачавідкі накіпаў вялікі акцябарскі выбух. Рэволюцыйныя сілы зьбіралі свае палкі для апошняга рашучага ўдару па разбазыранаму ворагу. Гіроніяй вы­палі ўсякія словы аб агульнасьці нацыянальных інтарэсаў. Ужо было ясна, куды вядзе дарога праз гэту агульнасьць. Не спасала ад гэтага і паказная рэволюцыйнасьць „чыстай сялянскасьці" беларускага руху, пад што хаваліся розныя выпадковыя падарожнікі яго разам з сэнтымэнтальнымі грамадзістамі.

Гэта разумелі прадстаўнікі левага кірунку Бел. С. Грамады і водлуг свайго разуменьня зрабілі адпаведны вывад: яны дэмонстрацыйна выйшлі з пасяджэньня сэсыі Рады і на сваёй парадзе рашылі фактычна замацаваць насьпеўшы накол Бел. С. Грамады на двое: на левую, незалежную, часьціну і на часьціну правую, згодніцкую. За першаю засталіся Пецярбурскія гарадз­кая і райёныя організацыі і Бабруйская, за другою—усе астатнія.

Пры гэткіх умовах захапіў беларускі нацыянальна-рэволюцыйны рух чырвоны Кастрычнік, пасьля якога пачалася новая часьціна гісторыі яго разьвіцьця.

Ж. Х. З.