Старонка:Уступамі да Акцябра-2.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

страву ўсякім ворагам яго, якія, з пенаю ў роце, хапаліся за кожную рэч, каб толькі найбольш скомпромітаваць сапраўды справу беларускага працоўнага люду. Хаўрусуючыся з кадэтамі, царскімі гэнэраламі й памешчыкамі, з усякаю брыдотаю й чарнотаю, эсэры й меньшавікі падводзілі ўвесь беларускі рух пад выпадкова захопленых у яго Р. Скірмунта і некалькіх яго блізкіх.

Хібы гэтага становішча не маглі не адчуваць ў пецярбурскіх організацыях Бел. С. Грамады. Наадварот, некаторую фальш яго, якую вытыркаў удзел Грамады ў Нацыянальным Комітэце, кожны сябар пецярбурскай організацыі адмячаў сабе досі ясна. Найбольш дацінала гэта райённыя організацыі, у якіх з кожным днём насьпявала пытаньне пераконструіроўкі цэн­тральнага прадстаўнічага органу. Зусім не гадзілася з вакольнымі абставі­намі сумеснае жыцьцё выразна лявеючага рэволюцыйнага беларускага ру­ху з фактычна шляхецка-буржуйнай агульна-нацыянальнай установай яго.

Рэволюцыя, якраз, к гэтаму часу зрабіла круты ўхіл улева, падыйшоўшы да гістарычных ліпнеўскіх днеў[1], і беларускім рэволюцыянэрам нельга было стаяць на месцы.

Гэткім чынам было падойдзена да скліканьня зьезду прадстаўнікоў пар­тыяў і організацыяў. Зьезд быў назначан у Менску на 8 ліпеня, калі й ад­чыніўся. У адлічча ад зьезду грамадзянскіх дзеячоў, дзе зусім мала адмячаліся міжпартыйныя, і міжклясовыя супярэчкі, зьезд партыяў і організа­цыяў выявіў у сабе яскравыя адзнакі надыйшоўшага расслаеньня беларус­кага руху на два варожых станы. Уся праца зьезду прайшла ў гострым змаганьні між Соцыялістычнаю Грамадаю і Беларускай Партыяй Народных Соцыялістых, якая на чале з Аляксюком згрупавала ў сабе ўсе права-шовіністычныя элемэнты з управы комітэту і з прыехаўшых на зьезд. Сам Скір­мунт, які пачуў сябе непадхадзячым к бягучаму часу, зьняў сваю кандыда­туру на ўсякія выбары, усё-ж такі парызыкаваў падыйсьці да Партыі Народ­ных Соцыялістых і ў ролі яе сябра паабяцаць дарэмна аддаць зямлю сяля­нам. Але гэта была дань часу, як тэю-ж даньню была і ўся(!) Беларуская Партыя Народных Соцыялістых, цалкам ўваходзіўшая ў склад фракцыі зьезду. У той час, пакуль нельга было выступаць без ярлыку соцыялістага, гэты ярлык падабраў сабе П. Аляксюк, у выглядзе Партыі Народных Соцыялістых. Унутраны зьмест гэтай партыі выявіўся найпаўней у працягу зьездаўскіх спрэчак. Спрэчкі гэтыя ўзьняла фракцыя Бел. Соцыял. Грамады, якая была ўпаўнамочана Гра­мадою дабіцца заснаваньня як найлявейшага прадстаўнічага органу. Трэба было, у інтарэсах выяўленьня сапраўднай сутнасьці беларускага рэволюцыйнага ру­ху, адрэзаць усякую сантымэнтальную „агульнанацыянальнасьць" побач са Скірмунтам і ксяндзамі; трэба было стаць перад тварам рэволюцыі ў сапраўдных узаемаадносінах клясавых сіл у беларускім руху, і на гэта Грамада пакіравала. Істнаваўшы з пачатку рэволюцыі Нацыянальны Комітэт, за­хоўваў гэтыя ўзаемаадносіны і тым самым перашкаджаў нармальному разь­віцьцю беларускіх рэволюцыйных сіл. Ясна— што ў далейшым нельга было заставіць у новым органе з сяброў Камітэту ніводнага чалавека, каб гэ­тым сьцерці ўсякую праемнасьць з ім.

Аднак гэта заданьне для фракцыі Бел. С. Грамады на зь'езде было цяжкавата выканаць з-за розных прычын, між якімі галоўнейшыя—гэта: меншасьць яе ў параўнаньні з фракцыямі Беларускай Партыі Народных Сацыялістаў і фракцыяй непартыйных разам і недасканаласьці з‘організаванасьці між самімі сябрамі Грамады. Таксама далучылася к гэтаму й не пасьпеўшая рашучасьць разьбіць на часткі яшчэ неакрэпшы якраз рух, што бязмоўна многа пашкодзіла-б і самай рэволюцыі.

  1. 4-5 ліпеня адбылося паўстаньне бальшавікоў у Пецярбурзе.