Старонка:Уступамі да Акцябра-2.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ІІ.

Пецярбурскія гарадзкая і райённыя організацыі Беларускай Сацыялістычнай Грамады, як клясова, так і настраёва, выказвалі сабою моцна з'організованае і крэпка зьлітнае ядро ва ўсёй Грамадзе. За гэтым у справе ўнут­ранай, беларускай, за пецярбурскімі організацыямі Грамады аставалася рашучая сіла.

Само сабою зразумела, што гэткае становішча накладала на пецярбур­скія організацыі адпаведна цяжкія павіннасьці перад рэволюцыяй і перад інтарэсамі беларускага працоўнага люду. Увесь цяжар утрыманьня далейшага разьвіцьця беларускага руху ў рамках найбольшай рэволюцыйнасьці мусіў апасьці на іх плечы.

Гэта яскрава выяўлялася ня толькі цэнтральным комітэтам Грамады, а і амаль ня кожным сябрам пецярбурскіх гарадзкой і райённых організацый. Аднак гэтаму многа перашкодзілі ўмовы адарванасьці гэтых організацый ад краю.

Дзякуючы апошнім умовам, рэальнае значэньне працы пецярбурскага цэнтру многа губіла ў сваім уплыве на агульны беларускі рух. Калі ў са­мым Пецярбурзе левыя элемэнты чуць ня цалкам захапілі ў свае рукі організацыі Грамады і выбілі грунт з-пад ног усіх іншых беларускіх політычвых і нацыянальных інфармаваньняў, то зрабіць тое ў Менску было немаж­ліва.

Вядома, гэта падлічалася беларускімі буржуйна-шовіністычнымі элемэнтамі, якія пакрысе зьбіраліся ў Менску і гуртаваліся навакол заснаванага ў канцы сакавіка 1917 г. Нацыянальнага Комітэту. Фактычная перавага ў комітэце сяброў з Сацыялістычнай Грамады аставалася на паперы з тае прычыны, што яны не знаходзіліся ў Менску, і ўсімі справамі яго варочалі старшыня комітэту памешчык Р. Скірмунт і памошнік старшыні, будучы бандыт П. Аляксюк. Застаўлены ў Менску адзін сябар комітэту з Соцыялістычнай Грамады — С. ня мог удзяліць належнай увагі комітэцкай працы, нясучы на сабе ўсе партыйныя абавязкі, і ўрэшце, фактычна, нацыянальны комітэт аставаўся ў руках варожых беларускаму рэволюцыйнаму руху, варожых самой рэволюцыі беларускіх шовіністых.

Гэткае становішча стварала, сапраўды, няправільныя ўмовы для пашырэньня беларускага рэволюцыйнага руху. Болей таго, яно давала багатую