Старонка:Успаміны Лявіцкая Бадунова.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПАМЯЦІ А. БУРБІСА.

† 20/ІІІ—1922 г.

… І няма на сьвеце так вялікай меры,
І няма на сьвеце так каханых дзьвераў,
Каб хоць на часіну ў будні ці ў нядзелі
Беларусь са мною разлучыць пасьмелі.

Гэткімі цьвёрдымі, як сталь, а гарачымі, як веснавое сонца славамі лепшага беларускага поэта Я. Купалы пачну я свае ўспаміны аб А. Бурбісе, магілка якога яшчэ стаіць перад нашымі вачамі і выклікае цяжкія думкі аб яго недакончанай працы, аб яго раней часу загубленым жыцьці.

І сапраўды, няма такой меры, якую можна было-б прылажыць да яго бязьмерна гарачага пачуцьця для справы народнай. Ні каваныя дзьверы, ні граты вастрожныя не адарвалі яго ад працы для роднай, загубленай ворагамі, старонкі. Ні ў будні ні ў нядзелі ня ведаў ён спакою, дбаючы толькі аб адным — як ратаваць сваю бацькаўшчыну ад заняпаду, ад цемры і зьдзеку.

І ня можа быць такой меры, якая-б паказала, як моцна кахаў ён народ свой. Здаецца, ніколі ў яго ня было іншай мэты, іншага пераконаньня, як толькі жаданьне адкрыць вочы свайму люду на яго праўдзівае становішча, падняць яго—цёмнага забітага, абдуранага—да вышыні поўнай вольнасьці, і разуменьня агульна-чалавечых інтарэсаў. Вывесьці народ свой на шлях сьветлага і шчасьлівага істнаваньня—гэта галоўная мэта яго кароткага, поўнага працы, жыцьця.

І ўсё-такі А. Бурбіс ніколі ня быў тым нацыяналістам-шавіністам, які, заплюшчыўшы вочы на ўсе агульна-чалавечыя і сацыяльныя пытаньні, жыве толькі аднымі нацыяналістычнымі думкамі. Ён ніколі ня быў падобен, напрыклад, на тых польскіх сацыялістаў, якія для мэтаў нацыянальных кінулі пад ногі ўсе сацыяльныя пытаньні, усе добра - суседзкія адносіны. Гэткія сацыялісты-шовіністы пэўна-ж вядуць да згубы свой народ. Не такім быў наш выдатны палітычны дзеяч. Ён любіў свой народ, але любіў яго разумнай, сьветлай любоўю, якая не перашкаджала яму любіць чалавецтва.

Гэты маленькі ўзростам чалавек з вялікай жывой душой рупліва ўзіраўся сьветлым, поўнымі жыцьця і розуму вачамі ў кожнага, хто называў сябе беларусам. Цьвёрдым, громлім голасам, нязвычайна моцным для яго маленькай хвігуркі, ён проста ставіў пытаньне:

—Ты хто? Мо' ты за грошы любіш свой народ? Можа толькі з карыснымі мэтамі падыходзіш да справы агульнай?—

І гора таму, каго яму ўдавалася злавіць на месцы праступку. Няшчадна кляйміў ён яго самымі ганебнымі, самымі цяжкімі словамі:

— Гэта злодзей! — грымеў ён. — Гэта той, хто, як Каін, забівае на сьмерць свайго брата-беларуса, аддаючы ягo на загубу то маскалю, то паляку, то папу, то чыноўніку...