Старонка:Успаміны Лявіцкая Бадунова.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Сацыяльныя мэты ніколі ня ставіліся ім на апошні плян, як рабілася і робіцца заўсёды шавіністамі. Але ніколі ён так-сама не забываўся таго, што нацыянальны ўціск ёсьць загуба душы народнай, што вызваленьне нацыі з уціску ня менш патрабуе энэргіі і працы, як і дасягненьне сацыяльнай роўнасьці. На толькі зямля патрэбна народу, але патрэбна яму і поўная свабода, як нацыяльная, так і палітычная. Свабодная душа А. Бурбіса не магла выносіць ніякога ўціску. Гэтым і тлумачыцца тое, што ён часта быў за-партыйным.

Першае знаёмства.

Першы раз спаткалася я з А. Бурбісам у Маскве, у 1917 г. Туды прыехалі мы з З. Жылуновічам з Петраграду, на зьезд Бел. Сац. Грамады. Старыя сябры Б. С. Г., Бурбіс і Дыла, былі чамусь нездаволены рэзалюцыямі першага пасьля рэвалюцыі зьезду Б. С. Г., які адбываўся вясною 1917 г. ў Петраградзе. І хаця ўжо быў выбраны Ц. К. партыі, мы ўсёт'кі не адмовіліся паехаць на той зьезд, які хацелі склікаць старыя заснавацелі Б. С. Г. Мы пастанавілі не пярэчыць новым выбарам Ц. К., каб толькі пагадзіць і старых і маладых працаўнікоў. Чакалі мы ад А. Бурбіса вялікай буры. Усю дарогу мне толькі і казалі: «Вось будзе Бурбіс лаяцца! Ну, і дасьць Бурбіс дыхту!»

Да гэтага часу я ня ведала Бурбіса, толькі чула аб ім, як аб шчырым і вельмі гарачым чалавеку, які аддае і аддаваў усё сваё жыцьцё для працы, як беларускі сацыяліст.

У Маскву тады прыехалі з Менску Прушынскі (Алесь Гарун) і Смоліч. Але наогул людзей сабралася мала, і зьезд не адбыўся. Мы ўсе затрымаліся на кватэры ў Бурбіса. Позна вечарам зьявіўся і Бурбіс,—ён некуды выяжджаў і яго ня было ў Маскве. Шпаркімі крокамі ўбег ён у пакой.

Маленькі, жывы, з блядым тварам, маленькімі і далікатнымі, як у кабеты, рукамі і рыжаватымі валасамі - на аблысеўшай галаке, — ён на першы погляд рабіў ня надта прыемнае ўражаньне. Але трэба было яму толькі загаварыць, як адразу рабілася на душы радасна і весела. Перад вамі стаяў чалавек з гарачай, жывой душой, з дзіўным, натхненым каханьнем да ўсяго жыцьця.

Яго глыбокая любоў к тым абяздоленым, хто сваім мазалём корміць сьвет, адразу адкрывалася перад вамі і лілася ракой прамоў, поўных моцы і хараства. Часта перасыпаў сваю прамову сьмешнымі жартамі, цікавымі народнымі прыказкамі, што яшчэ больш давала сьвежасьці яго думкам.

— Дык вось ён, той Бурбіс, аб якім я гэтак многа чула — думала я, пільна ўслухіваючыся ў яго агнявыя словы. — Ён сапраўды шчыра хоча дабра народу, не здарма ж ён сябра першай беларускай рэвалюцыянэркі, Цеткі-Пашкевіч, арганізатаркі Б. С. Г.

Выказаўшы ўсе свае думкі, палаяўшы тых, хто здаваўся яму некарысным для працы, адзначыўшы ўсе нашыя абмылкі, ён нарэшце ўгаманіўся і стаў слухаць нас.