Гэта старонка не была вычытаная
Ад слупоў, камяніц
ценявыя паслаліся пасмы,
і яшчэ сіняватым
здаваўся у змрочнасьці сьнег.
З пецярбурскіх акраін,
далёкіх і сініх у змроку,
падплываюць павольна —
бліжэй і бліжэй галасы.
Пракаціўся над горадам звон,
замірае высока;
і, як рэха яго,
адгукнуліся скрозь галасы.
Гэта на ‘мшу званы
заклікаюць ў касьцёлы і цэрквы;
замірае на міг
устрывожаны раніцай шум.
На акраінах ціш,
а трывога павісла над цэнтрам:
стала ясна, як дзень,
што ішлі не паслухаць імшу.
У старожкай і чулай
напружнасьці сэрцы застылі,
ўсе чакалі чагось,
абрываліся ўсе галасы.
І вось раптам сярод
мармурова-царкоўнае стыні,
як загад:
— Да цара!..
— Будзем плакаць і долі прасіць!..