Старонка:Урачыстасьць (1925).pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
∗     ∗

Мая хата — постаць нівы,
Ўбранай жытам руцяністым,
Гай зялёны і разьвісты,
Гай высокі і шумлівы;

Луг, шаўковай ўсланы шатай —
Траўкай рутнаю, паёмнай;
Над ім — неба круг чароўны,
Сіняй дымкай разапяты.

Мая песьня — шум вятрыскі
Ў гэтым полі, ў гэтым гаю,
Дзе ад краю і да краю —
Шум і гоман, шум і піскі;

Ручайкова пляскатаньне
Аб каменьні, аб карэньні
Ў сваім шыбкім, бурным мкненьні,
Ў сваім хуткім пасьпяваньні.

Мае думкі — блыскі сонца,
Яго промень жыцьцяносны,
Зор мірганьне, бісэр росны
На квяцянай на каронцы,

Нязжытое праяўленьне
Сілы творчай ў вечным лёце,
Што захована ў істоце
Размаітнага тварэньня.