Старонка:Урачыстасьць (1925).pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

НАД ВЯЛІКІМІ МАГІЛАМІ

Хто не адчувае нараджэньня новых дзён?

Гэткіх мала.

Іх не павінна быць зусім…

Дрыжыць, трапечацца ўвесь абшар зямлі.

Хістаюцца гнілыя падпоркі гібнучага стану прыгону. Рушыцца стары сьвет нядолі і мукі, сьвет гвалту і зьдзеку, сьвет здрады і пагарды.

Адбываецца сканчэньне старога, аджыўшага сьвету.

Здаўных-давён спрарочанае, спакон вякоў падсьвядома адчуванае:

Але бяз зыку анёльскіх труб, бяз прыходу Езуса.

Стогне зямля, і тысячагалосым громам, ня стухаючымі маланкамі ракаціць узьнятая навала, і хлешча-разьліваецца бура-паўстаньне.

Хто гэтага ня бачыць?

Такіх няма.

Такіх, хто-б ня бачыў нараджэньня новага жыцьця, —

Такіх няма!

Вялікае нараджэньне вялікіх падзей захапіла ўсіх і ўсё.

Хто пяе ім літаньне, хто сьвяткуе ўрачыстасьць, хто ад іх бяжыць, як утрапёны, няпрытомны.

Чырвоным праменьнем пажару заліўся небасяжны пазем, — гарыць неба, гарыць зямля.