Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/81

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Працоўныя беларускія гушчы, парушаныя рэволюцыйным выбухам, зьядналі ў адно цэлае соцыяльныя і нацыянальныя моманты. Ідэі, аб якіх пяяў Янка Купала, з-за якіх хварэў душою, якімі жыў, кідаючы іх у сялянскія гушчы, і над якімі тры гады вісеў меч загубы,—гэтыя ідэі ператварыла Лютаўская рэволюцыя ў магутны беларускі рэволюцыйна-нацыянальны рух... А Кастрычнік падвёў пад іх сталы, моцны грунт. Новыя паземы адчынялі шырокі шлях яго радзіме, яго працоўнаму народу. Няхай выходзіць ён, няхай наладжвае свае паходні,—поэта паглядзіць, пачакае...

Але і на гэты раз ня суджана было Беларусі вярнуцца да спакойнага жыцьця, да адбудаваньня краіны, да аховы заваëваных рэволюцыяй праў. 1918 год прынёс ёй нямецкую окупацыю. Што не пасьпела зрабіць вайна, тое наганяла "мірная політыка" окупантаў. Збоку, у Вялікаросіі, разьвіналася Кастрычнікавая рэволюцыя, крэплі і ператвараліся ў жыцьцë яе лёзунгі, а беларускі працаўнік стагнаў

пад абсацам юнкераў кайзэра. Янка Купала, пераехаўшы з Полацку ў Смаленск, з болем у сэрцы сачыў за прыгнечанаю, бяздольнаю краінаю і ў няцерпе зваў:

Табе, народ мой, згібнуты ў аковах,
З-пад сэрца песьню гэтую пяю...
...Чужак-дзікун, крывёю ўпіўшысь сьвежай,
Запрог цябе ў няволю, ў батракі,
І тваю маці-бацькаўшчыну рэжа,
Жывую рве на часткі, на кускі.