Перайсці да зместу

Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Так, як-бы ні стараліся іншыя бачыць у Янку Купале выключна нацыянальнага адраджэнца, нельга улажыць творчасьці поэты ў гэтыя рамкі. Наадварот, усе мотывы аб „бацькаўшчыне“ прасякнуты наскрозь глыбокімі соцыяльнымі нотамі. Для яго быў дораг „водклік у сонным сяле“; сяло — вось дзе ён бачыў Беларусь. І ў „Гусьляры“ і ў „Шляхам жыцьця“ той самы мужык, з якім Янка Купала паказаўся перад сьветам, бярэ галоўную ўвагу ў яго грамадзкіх мотывах. У „Шляхам жыцьця“ выдзелены цэлы аддзел „Наша вёска“, прысьвечаны мужыку, яго долі, жаданьням, умовам яго жыцьця і рознастайным праявам гэтага жыцьця.

Вельмі характарна тое, што, ня гледзячы на сваю адданасьць сялянскім мотывам, Янку Купалу ў пэўнай меры займае і процэс працы; ён падае вобразы яе ў розных варыяцыях — за сахою, з сярпом, з касою, з шылам (шавец) і інш. І кожны выгляд працы хавае пад сабою асаблівую дробязь тэй вялікай гамы працы, якая аддаецца на справу вызваленьня. Ад таго — заўсюды, кожны верш, прысьвечаны працы, канчаецца ў поэты праменнаю надзеяй:

Вецер і моц, знаць, табе прынясе
З песьняй магучай, як воля,
Што перастроіш палацы ты ўсе,
Станеш да бою з нядоляй[1].

Альбо:

Ты — пан, ты — багаты, ты — сіла, араты!
Ты ў крыўду ня даўся-б другім:

  1. Шляхам жыцьця“, стар. 108.