Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/70

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

даюцца на польскую, украінскую і літоўскую мовы. Ва ўсіх паказаных творах Янкі Купалы, як і ў "Жалейцы", ідэя нязьменна адна: вызваленьне працоўных гушчаў Беларусі з экономічна-нацыянальнага ўціску. Напевы соцыяльнага зьместу — пераважны. Толькі часамі яны ўступаюць месца вобразам беларускае прыроды. Янка Купала трымаецца раз абранага шляху—змагацца сілаю мастацкага слова за сваю краіну. Чым болей сталеў яго талент, тым глыбей прасякаўся поэта пачуцьцём патрыотызму, пачуцьцём заўзятага ваяўніка, нават ідэёвага правадыра. Моц, якая зычэла ў яго вершах, раўнялася моцы трыбуна, які кліча і вядзе масы сілаю слова.

Песьня мая ня шукае чырвонцаў—
Будучнасьць гэткіх ня знойдзе ў ёй плям,
Жыць хоча толькі ў радзімай старонцы,
Пеці па сэрцы ўсім добрым людзям.
Пеці, і з часам у добрую пору
Выклікаць водклік у сонным сяле...
Усю Беларусь, неабнятну, як мора,
Ўбачыць у ясным, як сонца, сьвятле[1].

Грунт творчасьці Янкі Купалы―вясковая, зрэбная Беларусь. Яна на яго вокліч, зразумелы, блізкі, давала "водклік", паперш, успрыняцьцем роднага слова, а пасьля—вялікаю цягаю да вызваленьня і будаўніцтва працоўнае рэспублікі.

  1. "Шляхам жыцьця", стар. 3.