Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гучаць бадзёрым тонам. Янка Купала пападаў у балючае месца і выклікаў зацікаўленьне да сябе. Калі зварочвалася думка да беларускае літаратуры, то адразу яна спынялася на Купале. Яго здольнасьць, як поэты многаабяцаючага, кожнаму кідалася ў вочы, і за яго словам пачалі сачыць. "Наша Ніва" не прадстаўлялася бяз вершу Янкі Купалы, які адразу вырас у корыфея, у непараўнальную велічыню. Ён на вачох разьвіваўся, дужэў. Кожны новы яго верш сьведчыў за гэта. У поэты разьвінаўся сьветапогляд, пашырылася рознастайнасьць ахопу, глыбела думка і паднімалася мастацкасьць тэхнікі. Ужо ў яго творчасьці можна было знайсьці ўсе тыя формы вершаскладаньня, якіх да гэтуль ня было ў беларускай літаратуры.

Побач з гэтым Янка Купала няўхільна падаваўся ў бок сымболізму. Слабыя налёты яго выразна адзначаліся і ў "Жалейцы". Але дух эпохі рэволюцыйнага ўздыму, калі "Жалейка" пісалася, разьвяваў сымболічны налёт. І першы зборнік зьявіўся романтычна-рэалістычным па сваім напрамку. Разьвіцьцю сымболістычнага вобразу ў творчасьці Янкі Купалы дапамагала тагачасная політычная сытуацыя.

У 1908 годзе, калі Янка Купала трапіў у Вільню і спаткнуўся з разгулам рэакцыі, якая няшчадна распраўлялася з астаткамі свабоды, уціскала духова ўсё перадавое, ён ужо ня мог радыкальныя думкі ды ідэі выкладаць іначай, чымся сымболямі. Тым болей, калі гэтыя ідэі, як то было з Янкам Купалам, неабходна вярцеліся вакол аднаго―соцыяльна-на-