Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

малаўдзячная. Толькі-толькі хапала на тое, каб пракарміць сям'ю. Даводзілася адрываць ад патрэб жыцьця, каб хоць крыху падвучыць дзяцей. І сям'я пасьля сьмерці бацькі―вялікая сям'я з 8 душ―адчула цяжкія недахваткі.

У дваццаць год мы застаëм Купалу прыказчыкам у маёнтку Беліца Сьвяцкага, Магілеўскай губ., Ceньненскага павету. Трэба рабіць, каб жыць і памагаць сям'і. З Беліцы ён у 1905 г. перасяляецца ў Сёмкава, Менскай губ., за вінакурнага практыканта, а праз год―бацькава доля!―у 1906 г. ў Яхімаўшчызну, Віленскай губэрні, Віленскага павету памочнікам вінакура; а яшчэ праз год, у 1907 г., у Сноў, Менскай губерні, Наваградзкага павету. І толькі ў 1908 годзе Я. Купала трапляе ў Вільню.

Вандруючы, лётаючы за месцам, дзе-б больш-менш людзка прымайстравацца, Янка Купала натыкаецца на цяжкія, крэпкія перашкоды. Усюды жыцьцë захоплена тымі, хто яго ня творыць, хто дармаедзтвуе, гультуе, бярэ чужое, незаробленае. І настойна, неадгонна поэту хвалююць агіда, нездаваленьне, протэст, клясавая нянавісьць да гаспадароў стану. Лера чула паддаецца навеям гэтага пачуцьця і выцінае на сваіх струнах соцыяльныя тоны. І цікава, што помеж з рэволюцыйнасьцю, якая цалкам захапляе Янку Купалу ў пачатку яго творчасьці, выразна, неадступна, у роўнай меры пачынаюць зычаць ноты і нацыянальнага пачуцьця. Поэту было ўвачавідкі, што агульныя ўмовы соцыяльна-політыч-