Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

стычнага будаўніцтва, яднаючы яе з шырокімі гушчамі працоўных. Першыя часы чыннасьці "Полымя" паказалі вялікую працаздольнасьць аб'яднаньня і кіруючую ролю яго працы ў беларускай літаратуры. Гэтым як-бы закончылася перагрупаваньне беларускіх літаратурных сіл. Перад беларускаю літаратураю зараз адчыняецца новая паласа сталага сур'ёзнага соцыялістычнага будаўніцтва. Адкідаючы ўсё наноснае і часовае, яна горда накіроўвае ў сьветлае наступнае.

Буйнае разьвіцьцё ў Савецкай Беларусі беларускае культуры наогул і літаратуры ў прыватнасьці не магло ня ўплываць на выяўленьне і ўздым культурнае чыннасьці і ў Заходняй Беларусі. Ня гледзячы на ўсе рэпрэсіі з боку польскае окупацыйнае ўлады ў адносінах да беларускага культурнага руху, гэты апошні ні на момант ня спыняўся. Поруч з нараджньнем і існаваньнем беларускае прэсы, сякіх-такіх выдавецтваў, лічаных навучальных устаноў, пускала парасткі і беларуская літаратура. Праўда, цяжкія ўмовы існаваньня беларускіх працоўных гушчаў, іх бязмоцнасьць у справе матэрыяльнага падтрыманьня сваіх культурных організацый, а таксама адцягненасьць энэргіі рабочых і сялян у бок політычнага змаганьня не дазваляюць гэтым парасткам замацавацца. Тым ня меней на працягу апошніх дзесяці гадоў мы можам адмеціць факт зьяўленьня шэрагу поэтаў і пісьменьнікаў у Заходняй Беларусі.