Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дзяржаўнаю. Беларусізуецца школа і дзяржаўныя ўстановы.

Дзякуючы гэтаму паднімаецца попыт на беларускую літаратуру, на беларускі падручнік. Для выданьня апошніх закладаецца адначасна тры выдавецкія організацыі: выдавецтва "Савецкая Беларусь", "Беларускае Аддзяленьне Дзяржаўнага Выдавецтва РСФСР" і „Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі", якія выдаюць цэлы шэраг твораў беларускіх пісьменьнікаў. У выдавецтве "Савецкая Беларусь" выходзяць у 1922 годзе наступныя кніжкі: "На зачарованых гонях"-збор новэль 3. Бядулі, яго-ж зборнік вершаў "Пад родным небам"; "Спадчына"-зборнік вершаў Я. Купалы; Якуба Коласа "Водгульле" - зборнік вершаў і яго-ж вершаваная поэма "Новая Зямля". Зарубежнае Беларускае Аддзяленьне Дзяржаўнага выдавецтва РСФСР у Бэрліне выдае зборнік вершаў Цішкі Гартнага "Песьні працы і змаганьня"; першую частку яго романа-трылёгіі "Сокі цаліны" - "Бацькава Воля" і "Казкі жыцьця" Якуба Коласа. У дадатак да гэтых выданьняў "Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі" выпускае збор вершаў М. Чарота "Завіруха" і знатную яго поэму "Босыя на вогнішчы". Гэта колькасьць выданьняў робіць значнае ўражаньне і на тыя колы інтэлігенцыі, якія пакуль не здавальняліся конкрэтнымі вынікамі нацыянальнае політыкі, і на некаторых пісьменьнікаў, да гэтага ня верыўшых у падобныя мажлівасьці разьвіцьця культурнага будаўніцтва.