Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ашчасьліўвае людзей і іх існаваньне. Нараджэньне шчасьлівага жыцьця прыходзіла ў сьвет з громам і бурамі, і чулая, наіўная душа Сымона Музыкі губілася ў грукаце разбурэньня старога ладу... Зьмітрок Бядуля і Алесь Гарун, зрэдку выступаючы на старонках "Вольнае Беларусі", таксама адбівалі пакуль у сваіх творах перажыты час, не пасьпеўшы ператварыць у сваім нутры грандыёзнасьць рэволюцыйнага сягоньня...

Бурлівыя хвалі апошняга, паднімаючыся ўсё вышэй ды вышэй, радзілі праз Кастрычнікавую рэволюцыю нацыянальнае вызваленьне і дзяржаўнае будаўніцтва раней прыгнечаных краін. Адчынялася шырокая дарога да выяўленьня захаваных у нетрах працоўнае грамады творчых сіл... Само жыцьцё заняло месца поэзіі, якая не магла ўвабраць у сябе бліскучасьць фарб, ня ў сіле была падаць акорды, роўныя гімну казачнай сапраўднасьці...

Але раптам апофэоз Кастрычніка на галах Беларусі засмуціўся цем'ю хмар, што шугнулі з захаду. Кайзэраўскае войска заняло беларускія прасторы і адрэзала іх жалезнаю сьцяною ад рэволюцыйнага цэнтру адраджэньня. Бразак шпоры прускага афіцара вярнуў у жыцьцё часы царскага самаўладзтва. Якраз у гэту пару беларускі нацыянальна-рэволюцыйны рух раскалоўся на дзьве часткі. Соцыяльна-клясавыя супярэчнасьці аддзялілі тых, каму было па дарозе з Кастрычнікам, ад тых, каторых яго ідэі