Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гаў прамень яскравых надзей. Рэволюцыя магутным ударам разьбіла ярмо соцыяльнае і нацыянальнае няволі. На чаргу дня вытыркнулі пытаньні новага дзяржаўнага будаўніцтва, у якім Беларусь зойме належнае месца. Гэта вочавідкі рабілася сапраўднасьцю; соцыяльна-нацыянальныя ідэі хутка захаплялі шырокія колы беларускіх салдат, рабочых і беларускую працоўную інтэлігенцыю. Хутка расьлі беларускія організацыі, камітэты фронтаў і армій, мацнела Беларуская Соцыялістычная Грамада. Бойка і голасна загутарылі беларускія працоўныя гушчы аб дзяржаўным адбудаваньні Беларускай Рэспублікі.

Дзякуючы такому вялікаму выбуху нацыянальна-грамадзкага беларускага руху, пісьменьнікі рынуліся ў яго з галавою, адлажыўшы леру на далейшае. Трэба было падтрымліваць разьвіцьцë руху, гэтым самым ствараючы ўдзячныя ўмовы для наступнага росту беларускай літаратуры.

Загэтым на працягу ўсяго 1917 году зьявіўся лічаны лік твораў, надрукаваных беларускімі пісьменьнікамі. Толькі і зьвярнула на сябе ўвагу, зьмешчаная ў газэце "Вольная Беларусь" (выдавалася ў Менску), першая частка поэмы Якуба Коласа "Сымон Музыка". Але пісьменьнік не адгукваўся ў ёй на бурлівую сучаснасьць, і выпхнутыя гэтаю сучаснасьцю агромністыя заданьні не адбіваліся ў "Сымоне Музыку". Зьмест поэмы наступны. Герой поэмы Сымон пастух, скітаючыся па сьвеце, шукаў гармоніі жыцьця, якую дае праўда, каторая, з свайго боку,