Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

адчынілася крыніца багацьця і гібкасьці беларускае мовы, якая дазваляе ўжываць найскладанейшыя мотывы ў гармоніі слова. Усе выгляды поэтыцкае композыцыі паддаліся здольнасьці песьняра, які даў беларускай літаратуры прыгожыя формы тэрцыяў, сонэтаў, тэнтамэтраў, рондо. Пявучасьць вершаў М. Багдановіча ня ўступае брусаўскай ды бальмантаўскай.

Аддаючы асноўную ўвагу форме свайго вершу, М. Багдановіч лёгічна захапляецца плыньню імпрэсыянізму. Адбітак імпрэсыянізму ляжыць на ўсёй яго творчасьці, ухіляючы поэту ад грамадзкіх напеваў, аддаляючы яго ад рэальных тэмаў жыцьця. Дзякуючы гэтаму, мы наглядаем, што ў час напружанай барацьбы за нацыянальна-соцыяльнае вызваленьне, якое натхнявае пісьменьнікаў рабочых і сялян на песьні працы і змаганьня, М. Багдановіч пераважна прысьвячае сваю творчасьць лёгкім мотывам аб лесавікох ды русалках, аб "гнедых жывёлах, што плывуць па небу" і інш. Гэта былі конфэці ў час кіпучае ўтомнае работы. М. Багдановіч, праўда, удзяліў некаторую ўвагу і грамадзкім напевам. Але яго вершы на гэтыя тэмы, хоць і веюць магутнаю сілаю гармоні, прасякнуты безнадзейным сумам.

Вайна 1914 г.-1917 г. перабіла паступовае разьвіцьцё беларускае літаратуры. Болей таго, яна вельмі балюча адбілася на ўсёй справе беларускага адраджэньня. Вільня, як цэнтр беларускае політычна-культурнае працы, згубіла сваё значэньне, дзякуючы