Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

настаўніка гімназіі - М. Багдановіч. Пакідаючы ў баку апошняга, адмечаны шэраг пісьменьнікаў, узгадаваных, галоўным чынам, на Янку Купале і Якубе Коласе, унясьлі ў беларускую літаратуру шмат новых рознастайных мотываў. Аддаючы падатак нацыянальнаму моманту, яны абагацілі зьмест беларускае літаратуры рабоча-пролетарскімі напевамі. Праз гэта ў беларускай літаратуры зьліліся тыя элемэнты, якія складалі рухаючую сілу ў рэволюцыі, якія абымалі ў сабе соцыяльную сутнасьць беларускага нацыянальна-рэволюцыйнага руху.

Адпаведна таму, як Янка Купала і Якуб Колас падкрэсьлілі мужыцкую працу, загутарылі моваю мужыка, як важнейшага будаўніка жыцьця і яго багацьця, гэтак рабочыя пісьменьнікі падышлі да асноўнага гаспадара сьвету-рабочага-пролетарыя ў яго беларускай формацыі. Гэта ëн-герой працы, катораю жыве сьвет і каторая прывядзе праз сваё вызваленьне да лепшай долі ўсё працоўнае чалавецтва. Цішка Гартны абвяшчае ў сваім вершы "Гарбар":

Я рабочы-гарбар,
Рыцар працы цяжкой,
Я з жалезнай душой,
З сэрцам палкім, як жар.
Ў вачох іскры маіх,
А жалеза ў руках,
Скура гнецца ад іх
Ў адзін міг, ў адзін мах...
. . . . . . . . .
Я здружыўся з трудом,
Я ў ём рос, я ў ём крэп
Люблю мець за сталом
Запрацованы хлеб.
Не хачу, не прывык
Склаўшы рукі хадзіць:
Я гарбар — працаўнік,
Я жыву — каб рабіць.
Маю сілу і гарт —
Імі грудзі гараць...
Ды што ў гэтым я варт,
Што магу працаваць,
Не гатовае браць?