Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

соцыяльнага зьместу, нацыянальныя мотывы ў творчасьці Янкі Купалы і Якуба Коласа, паралельна з іх мастацкім разьвіцьцём, паглыбляюцца, рознастайняцца і не пакідаюць быць значнымі элемэнтамі ў іх ідэолёгіі. Здольнасьць пісьменьнікаў хутка рашчыняе новыя небасхілы, падаючы ўсё прыгажэйшыя перлы іх працы; і ўжо к 1908-9 гадом яны зьяўляюцца буйнейшымі фігурамі ў шэрагах беларускіх пісьменьнікаў. Значна вырастае іх тэматыка, удасканаленасьць формы. Аглядчыкі і крытыкі беларускае літаратуры найбольш аддаюць увагі гэтым двум пісьменьнікам. Їх-жа творы пачынаюць перакладацца і на іншыя мовы (украінская, польская, літоўская, чэская). Аднак, з выяўленьнем іх здольнасьці выяўляецца і разыходжанасьць паміж імі ў сэнсе літаратурных напрамкаў: Янка Купала пахіляе ўбок романтыка-сымболізму, а Якуб Колас абірае сабе рэалізм... Гэта зусім не перашкаджае ніводнаму з іх шчыльна трымацца ідэй, кінутых рэволюцыяй 1905 г., і не застаўляе сходзіць з п'едэсталу народных трыбунаў.

У 1909-10 г.г. на падмогу Янку Купалу і Якубу Коласу ў беларускую літаратуру прышлі новыя сілы. Гэта быў цэлы шэраг пісьменьнікаў, грамадзка-партыйных дзеячоў з рабочых, служачых і бедных сялян. Сюды адносяцца: Алесь Гарун (сталяр), Цішка Гартны (гарбар), Фаб. Шантыр (муляр), Хведар Чарнушэвіч (кравец), А. Гурло (сьлесар), 3. Бядуля (сын селяніна-яўрэя), У. Галубок (чыгуначнік), К. Буйла (настаўніца), і адзін, як выключэньне, сын