Перайсці да зместу

Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/284

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гэткай ні мала“… Само па сабе цікавае пытаньне аб самаацэнках песьняроў узята А. Бабарэкам пад разгляд з няправільнага боку, зложана многаслоўна, але блутана, не пераконна для чытача, а таму і малакарысна. Артыкул не пакідае па сабе дадатнага ўражаньня.

З рэшты артыкулаў гэтага аддзелу цікавым і зьместным ёсьць артыкул Ул. Дубоўкі „У зьвязку з пытаньнем аб беларускіх мэлёдыях у творчасьці Шопэна“. Відаць, што над ім аўтар доўга і ўдумлена папрацаваў, выкарыстаўшы багатую спэцыяльную літаратуру. У процілежнасьць артыкулу У. Дубоўкі зьяўляецца артыкул Я-ра „Праз „учора“ ў „заўтра“ — некалькі слоў аб нашых танцах“. Гэты артыкул складаецца з нізкі сэнтэнцый, з закрасай блытаніны ў разуменьні ролі і значаньня разгляданага прадмету. „У разьвіцьці гэтага мастацтва (танцаў) выявіліся багатыя проблемы. Многія з іх вырашаны. Многія чакаюць сваіх геніяў“, — заяўляе Я-р. І гэтым здавальняецца: зычна і моцна. Проблемы і геніі. А якія проблемы і што за геніі — аднаму Я-ру вядома. Таксама яму аднаму вядома сьцьверджаньне, што: „У гісторыі культуры ўсяго чалавецтва танцы адыгрывалі вялікую ролю“. Паднімалі культуру народу? Выводзілі нацыю ці стан на ўзровень цывілізацыі? Разьвівалі тэхніку, і калі так, то цікава, наколькі беларуская „Лявоніха“ ці „Юрка“, паднялі культуру беларускага народу? Ці ня ім прыпісаць усю апошнюю гісторыю беларускага адраджэньня?