дулі? Калі гэтак, то нельга яе лічыць за сапраўдную ўзвышанасьць…
У галіне настраёвых парываньняў не паднімаецца ўгору і другі ўдзельнік „Узвышша“ — Кузьма Чорны, даўшы для першае кніжкі апавяданьне „Сьцены“. Наадварот, Кузьма Чорны апускаецца ўніз і ня хоча выйсьці на сьвятло з ціхага змроку i густога туману. Уяўляецца, нібы гэты здольны, багаты шырокімі мажлівасьцямі мастак папаў у зачарованае кола. Нейкія цёмныя сілы водзяць яго па страшных гекатомбах і, як багародзіцы, у „хождении Богородицы по мукам“, паказваюць мукі зямлі. Яны, гэтыя мукі, вакола і ўсюды, куды ні кіне вокам Кузьма Чорны, мукі балючыя, пякельныя, з містычным налётам. Ня дзіва, што імі заражаецца паветра, усё акаляючае жыцьцё яго дзеючых пэрсонажаў. У Кузьмы Чорнага — цені і змрок, шэрасьць i жуда, холад і мёртвасьць — непераможныя стыхіі.
Асабліва пісьменьнік згусьціў чорныя фарбы ў апавяданьні „Сьцены“. Савось — дзейная асоба „Сьцен“ — жыхар цёмных куткоў, „высокі і ўскудлачаны“, з доўгімі і тонкімі рукамі, з постацю „на асьвечанай скупым сьветам туманнае зямлі, як хворая фантазія грубае сілы“. Надворны выгляд Савося, людзіны не ад нашага сьвету, ужыўны адпаведныя перажыткі, склад розуму, напрамак думак і лёгіка размоў. Ён гаворыць, падняўшы палец угору, дзеравяным голасам і алегорным, як у прытчах, сказам. „Плач па пяску!“ — крычыць ён свайму знаё-