Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

на польскай мове, а другі на расійскай, але хутка абодва выступаюць з політычнымі беларускімі вершамі.

Янка Купала, сын панскага служкі, ня мае магчымасьці атрымаць адукацыю, і абмяжоўвае сваю асьвету ніжэйшаю школаю і рэпэтытарствам; Якуб Колас дастае мажлівасьць паступіць у настаўніцкую сэмінарыю. Але абое, надзеленыя багатаю талентнасьцю ад натуры, першымі сваімі дэбютамі, - Янка Купала у расійскай газэце "Северо-Западный Край" і пасьля ў беларускай "Наша Доля", а Якуб Колас - у тэй-жа "Нашай Долі", - засьвядчаюць сваю пісьменьніцкую сьпеласьць. Абодва пісьменьнікі, нібы згаварыўшыся, зразу ўносяць у беларускую літаратуру новыя мотывы соцыяльнага характару, ставяць рубам пытаньне аб соцыяльна-нацыянальным вызваленьні Беларусі і яе гаспадара-беларускага бедняка-селяніна. Якуб Колас пасьлядоўна зьвязвае свой літаратурны напрамак з рэволюцыйнай сапраўднасьцю ўдзелам у рэволюцыйным змаганьні праз організацыю настаўніцкага зьезду. Янка Купала шчыльна набліжаецца да Беларускае Соцыялістычнае Грамады і пад уплывам яе змаганьня накіроўвае сваю творчасьць. Першыя словы яго песьняў зычаць гардлівым пачуцьцём свае мужыцкае вартасьці, падкрэсьліваньнем асноўнасьці ў людзкім жыцьці яго працы. У вершы "Мужык" Янка Купала кажа:

Я- мужык беларус,
Пан сахі і касы;