на роспач… Сумных напеваў у яго мала. Ды тыя, што ёсьць, аддаюць, як-бы сказаць, ня сумным сумам, бо заўсёды, дзе толькі „сьлёзы коцяцца — брусьніцы і цісьне жаль — суніме песьня сьлёз крыніцу!“
Ня менш, калі ня больш, надзеі на гэта і ў Аркадзя Моркаўкі. Можа таму, што Аркадзь Моркаўка глыбей праняў вакольныя зьявы, можа таму што ён конкрэтней абмацаў рэчы ў сваёй галізьне. Творчасьць гэтага маладога песьняра праходзіць на нашых вачох. Усе варыяцыі яго песень яскрава пераносяцца ў дасяганьнях нашага пагляду. І мы бачым, як яны, гэтыя варыяцыі, вельмі асьцярожна апускаюцца ў бок мінорнасьці.
У 1922 годзе верш Аркадзя Моркаўкі, пэўна, першы з паданых у „Полымя“ (і надрукаваны ў № 2 за 1293), пад назваю „Крык вуліцы“ — літаральна прагучэў пяруном вялікай сілы. Прачытаўшы яго, адзін з беларускіх літаратараў у захапленьні выказаўся: „Які слаўны твор! Калі яго пісаў пісьменьнік з маладых, то гэта нязвычайны талент“. І сапраўды, Аркадзь Моркаўка „Крыкам вуліцы“ прыгожа зьявіўся на беларускі Парнас. Рыцарам, прыгатаваным да цяжкае бойкі, сьмелым, адважным, геройскім. Да прызыўных, цьвёрдых клічаў папярэдніх сабе поэтаў ён дадаваў свае рашучыя, палкія, увераныя рытмы — верныя, як удары молата.
Агонь і кроў. Як пчолы, кулі. |