Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

умовах. Ды часы падасьпелі іншыя. Вучачыся ў Пецярбурскім унівэрсытэце, Ф. Багушэвіч стыкаўся з перадавым студэнцтвам, захапляўся тагачаснай расійскай літаратурай, на чале якое стаялі часопісі "Современник“, "Отечественные записки", з гэткімі крытыкамі і пісьменьнікамі, як В. Бялінскі, Дабралюбаў, Н. Чарнышэўскі, Салтыкаў-Шчадрын, А. Някрасаў і інш. Цікавячыся політычнымі плынямі, Ф. Багушэвіч прыстае да польскіх паўстанцаў і змагаецца супроць царскае ўлады. У паўстаньні яго ранілі. Пасьля сканчэньня унівэрсытэту, ён выбірае месца народным настаўнікам, пасьля сьледчым судзьдзëю, далей адвокатам усё пасады, на якіх у той час заставалася перадавая інтэлігенцыя. На гэтых пасадах Ф. Багушэвіч меў мажлівасьць блізка азнаёміцца з беларускім сялянствам, улавіць яго думкі і настрой, убачыць яго соцыяльнае становішча. Няпрыглядная карціна сялянскага жыцьця захапляе пісьменьніка цалкам, і надае яму настрою прысьвяціць сваю музу апяваньню гора і нядолі беларускага селяніна. Далей мы бачым, што Ф. Багушэвіч усёю істотаю аддаецца падбору грамадзкіх мотываў для свае творчасьці і ад пачатку да канца не расстаецца з імі. Прыгнечанасьць беларускага селяніна, яго цемната, нацыянальная несьвядомасьць і жорсткі соцыяльны прыгон да таго катуюць поэтаву думку, што ён з усёй сілай творчае здольнасьці вытыкае наперад соцыяльную няпраўду, концэнтруе на ёй увагу чытача, застаўляючы апошняга абурацца,