Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Як бы быў якой скацінай
Або горшы ад яго:
Білі пугай ды дубінай,
А цяпер, брат, ого-го!

Мужык будзе не скацінай −
Не раз скажа пан з паноў:
“Пане Грышка, пане Міна!
Як жа васпан, ці здароў?”

Гэтым вершам В. Дунін-Марцінкевіч у шляхецкім праломе паказвае нам соцыяльныя бакі беларускага сялянскага жыцьця. Гэта выключнасьць В. Дунін-Марцінкевіча ў зацікаўленасьці соцыяльнымі мотывамі тлумачыцца яшчэ і тым клерыкальным уплывам, які справодзіў усё яго жыцьцё. Тым ня меней, значнасьць В. Дунін-Марцінкевіча ў беларускай літаратуры далёка перавышае значнасьць у ёй усіх яго папярэднікаў. Адначасна яго творчасьць дала моцны штырхач да нараджэньня новых шырокіх колаў беларускай і спачуваючай беларускаму адраджэньню інтэлігенцыі. У яго часы гэтым пытаньнем захапляюцца: і польскі пісьменьнік Кандратовіч (Сыракомля), пішучы вершы на беларускай мове, і композытар Монюшка, укладаючы на музыку яго п'есу "Сялянка", і іншыя вядомыя польскія дзеячы. Творы В. Дунін-Марцінкевіча вытрымалі шэраг выданьняў і яшчэ зараз маюць запытаньне з боку беларускага чытача.

Непасрэдна пад уплывам В. Дунін-Марцінкевіча пачаў сваю працу і яго пасьлядовец, здольны пісьменьнік-народнік Ф. Багушэвіч (нарадзіўся ў 1840 г.).

Пахаджэньнем з тае ж дробнае ашмянскае (Вілен. губ.) шляхты, Ф. Багушэвіч правёў свае маладыя гады ў крыху іншых, ніж В. Дунін-Марцінкевіч,