Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

рускаму фольклёру і клясавай пагоджанасьці між дробнай шляхтай і мужыкамі. Апошніх пісьменьнік вучыў, як шчыгульна прыстойна вясьці сямейнае жыцьцё, як выхоўваць дзяцей і інш. Толькі ў адным вершы, пакуль няпэўным у сэнсе яго належнасьці да пяра В. Дунін-Марцінкевіча, аўтар спаткнуўся з соцыяльнымі момантамі, абмаляваўшы іх гэткімі фарбамі:

Вясна, голад, перапала,
Ані солі, ані круп;
І скаціне корму мала,
І самому − ані ў зуб.

На палацях пухнуць дзеці,
Жонка тры дні здуру п’ець,
І даўно парожна ў клеці,
І парожняя асець.

Каліта ляжыць пад лаўкай,
А пры ёй − парожні гляк:
Ад Каляд мы з кумам Саўкай
Пацяралі ў губе смак.

Але гора − ўжо спаўгора −
Цыц, нябога, трошкі цыц!
Вось нам вольнасць дадуць скора,
І, як птушкі, будзем жыць.

К чорту жонка, ласа баба!
Бяры, чорт, і каліту,
А папусці вожкі слаба
І дай волю хамуту.

Будзем роўныя з панамі,
Самі будзем мы паны −
І гарэлку піць збанамі
І гуляць так, як яны.

Перастануць нашым братам,
Як скацінай таргаваць, −
Напускацца ліхім матам,
Скуру з ног да карку драць.

Хоць халодна, хоць галодна,
Холад, голад ніпачом!
Эх, каб толькі нам свабодна!
На свабодзе аджывём.

Вось панам не дужа лоўка:
Самім трэба працаваць!
Пабаліць не раз галоўка,
Калі прыйдзецца араць.

Не адзін то папацее
І заскача драпака…
Бо сам толькі есць умее
Ды драць скуру з мужыка.