Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/110

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тут ужо М. Чарота непакоіць болей усяго тое, што ня ўся Беларусь да гэтага "сьвету Вялікага, новага" набліжаецца. Рыскае замірэньне правяло крывавую мяжу па жывым целе краіны. За мяжою засталіся мільённыя гушчы беларускіх працаўнікоў і сялян. Польскае панства надзела на іх ярмо прыгону. Абураны гэтым, пясьняр кідае баявы вокліч заходнім сваім братом:

Змагайцеся, браты...
Хай вораг цешыцца, — мы верым ў вашу сілу...
І верце вы, браты, мяжа нас не разлучыць...
Хто пабудуе мур, які-б дзяліў наш кут?
Зруйнуем мы яго дашчэнту там і тут...[1].

Побач з гэтым, перад намі пясьняр разгортвае карты свайго разуменьня ў часта ўжываных ім тэрмінах "грамада" і „мы". Грамада і мы — гэта той асноўны фундамант чалавецтва, які трымае на сабе сьвет і стварае багацьці, гэта — рабочы і селянін. Яны удваіх

Стары сьвет агнём паляць-руйнуюць
І на вогнішчы новы будуюць,
Панаваць у якім будзе: молат і плуг[2].

Гэтым вершам М. Чарот як-бы засуцэльвае свой першы творчы кругабег. Пачаты для сябе ў 1917 годзе (гэтай датай памечаны верш у зборніку "Завіруха" "Чужына", напісаны аўтарам у Кузьнецку, Саратаўскай губэрні) і для публічнасьці ў 1920 годзе — ён працягваецца да 1922 году.

  1. "Завіруха", стар. 48.
  2. Іbіdem, стар. 64.