Старонка:Угрунь (1927).pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

IV

Жыцьцю маладому вясной не астыць,
ня спыніць яго песьні стазвоннай.
Чарадою плывуць па Дзьвіне плыты,
мінаючы горы, лясы, балаты,
пад сьпеў маладых плытагонаў.

Забаўна плывуць за плытамі чаўны,
хістаюцца ў золаце хваляў.
Любыя песьні гульлівай Дзьвіны
ў сонечнай радасьці звонкай вясны
чаму спавілі мяне жалем?

Жудасна. Крыўдна. Яшчэ вярста,
і гоман прывольля зьнікае.
Сьлёзы нядолі там льле бедната,
пазбаўлена ў роднае хаце кута —
мовы роднае іх пазбаўляюць.

Сьцюдзёным туманам на сэрцы іржа
балюча атручвае радасьць.
Дротам калючым сьціскае мяжа, —
а за мяжой кайданы бразжаць,
кучаравыя сохнуць прысады…