Старонка:Угрунь (1927).pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

АДГУКНІСЯ

Адгукніся слова слову,
вершам весела зайграй.
Залаціцца
Сьвет — зарніцай
каляровая зара.

Адгукніся ліст лісточку
шалясьценьнем вецерка,
У прасторы
ясназорым
я дзяўчынку напаткаў.

Адгукніся сэрца сэрцу
іскрай зорнаю ў глыбі.
Ой, выпадкам
вачаняткі,
як вясьнянкі, палюбіў.

Адгукніся шчасьце шчасьцю
гучнай песьняй хараства.
З ёй пайду я
залатую
сваю будучыну зваць.