Старонка:Угрунь (1927).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ГАЗЭТЧЫК

Ад самай раніцы застыўшы ўвесь ад сьцюжы,
стаіць з газэтамі ля крамы на рагу.
Па бруку носіцца, мяцеліцаю кружыць
грукат гораду, звычайны грукат гул…

Вецер і мароз — ну проста дух займаюць,
а ён крычыць, схапіўшы бляск навін:
Чан-Кай-Шы — нам здрадзіў у Кітаі!
— кат Пілсудзкі топіцца ў крыві.

Троцкі з Сталіным ня хоча пагадзіцца…
— Ў Менску хутка ўжо залязгае трамвай!
І так ад раніцы навіны б‘юць крыніцай,
І так за дзень — рубель, а можа два…

Над белым горадам зазьзяюць ясна зоркі,
на вуліцах дрыжыць вітрын электра-сьвет…
З «апошніх вестак» скруціць ён махоркі
— і дамоў, з астаткамі газэт.