Старонка:Угрунь (1927).pdf/122

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

∗     ∗

Казалі многа нам і рознае заўсёды,
ў каго і чым набіта галава:
Ці-ж вы народ, вось як і ўсе народы,
падобна нацыі з культураю прыгоднай?
І што ў вас ёсьць — адвечная дрыгва?

Казалі многа нам і… несьлі нам нямала,
бяда за бедамі імчалася ўгрунь.
Глумілі нас, накінуўшыся шквалам, —
За што? Хіба што нас праклятае злучала
адно — нацыянальнае — калтун.

За тое, што выносьлівых і цёмных
і многа так патрэбных дужых сіл!..
Душылі змораных, скрываўленных, палонных,
за працай чорнаю, на панскіх на загонах —
іх сьлед раскінуты мільёнамі магіл.

Казалі многа нам… Ці-ж ветры не навеюць? —
Мужык і хам, і гад, і галыцьба.
І чым ня лаялі прыблудныя зладзеі
краіну, дзе спрадвек пакутнасьці завеі,
дзе ня ўгледзіш чалавека без гарба.